УЗАЕМАДЗЕ́ЯННІ ЭЛЕМЕНТА́РНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

узаемнае ўздзеянне элементарных часціц адна на адну, якое вызначае сілу сувязі паміж імі, змены іх станаў і ўзаемапераўтварэнні; фундаментальныя ўзаемадзеянні прыроды, першаснымі крыніцамі і пераносчыкамі якіх з’яўляюцца элементарныя часціцы. Асн. тыпы: моцнае ўзаемадзеянне, электрамагнітнае ўзаемадзеянне і слабае ўзаемадзеянне (электраслабае ўзаемадзеянне), гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Кожны тып У.э.ч. характарызуецца сваёй канстантай сувязі і радыусам дзеяння, мае свае захавання законы і інш.

Моцныя У.э.ч. (канстанта сувязі 1, радыус дзеяння ≈10​−14 м) уласцівы адронам, адказваюць за ядз. сілы паміж нуклонамі ў атамным ядры, працэсы ўзаемадзеяння барыёнаў і мезонаў, утварэнне рэзанансаў і мноствавае нараджэнне часціц; у іх захоўваецца ізатапічны спін і дзіўнасць. Паводле квантавай хромадынамікі крыніцамі моцнага У.э.ч. з’яўляюцца кваркі, пераносчыкамі — глюоны. Электрамагнітныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10​−2, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам (магчыма, акрамя нейтрына), якія, як правіла, маюць эл. зарад. На іх грунтуюцца ўнутры-, міжатамныя і міжмалекулярныя сілы; аптычныя, тэрмічныя, хім., біял. і інш. з’явы. Тэорыя эл.-магн. У.э.ч. — квантавая электрадынаміка — найб. закончаная тэорыя, узгодненая з эксперыментам у дасягнутых межах дакладнасці. Слабыя У.э.ч. (канстанта сувязі залежыць ад энергіі рэакцый, радыус дзеяння не вызначаны) уласцівы ўсім элементарным часціцам (за выключэннем фатона), лептонам і кваркам. Адказваюць за распады нейтрона, мюона, мезонаў і гіперонаў, якія працякаюць пры нізкіх энергіях за кошт слабага 4-ферміённага У.э.ч. Пераносчыкі электраслабага У.э.ч. пры высокіх энергіях — кванты адпаведных калібровачных палёў. Гравітацыйныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10​−38, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам, якія маюць масу. Аднак з-за малой інтэнсіўнасці пры разліках працэсаў У.э.ч. не ўлічваюцца. Паслядоўная квантавапалявая тэорыя гравітацыі не створана (гл. Адзіная тэорыя поля). Для апісання гравітацыйных эфектаў карыстаюцца класічным варыянтам агульнай адноснасці тэорыі.

Літ.:

Ченг Т.-П., Ли Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц. М., 1987;

Богуш А.А. Физика микромира вчера и сегодня. Мн., 1984.

А.​А.​Богуш.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)